ЭКСПАЗІЦЫЙНЫ СЕКТАР “ЦЭНТРАЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ”

Гісторыка-этнаграфічны рэгіён Цэнтральная Беларусь знаходзіцца ў цэнтры тэрыторыі паміж іншымі рэгіёнамі і займае асноўную частку Мінскай і заходнюю частку Магілёўскай абласцей.

Найбольш характэрнай для Цэнтральнай Беларусі з’яўляецца вулічная (лінейная) забудова паселішчаў: аднарадная альбо двухрадная. У сёлах рэгіёна – адміністрацыйна-тэрытарыяльных цэнтрах – фарміраваўся развіты грамадска-культурны цэнтр з пабудовамі валасной управы, царквой, царкоўна-прыходскай школай або народным вучылішчам, грамадскім свірнам. Карчмой.

Экспазіцыйны сектар музея “Цэнтральная Беларусь” прадстаўлены сялом з характэрнай для гэтага тыпу паселішча планіроўкай: плошча з пабудовамі грамадска-культурнага цэнтра і вуліца з двухбаковай забудовай сядзіб.

На плошчы экспазіцыйнага сяла размешчана Пакроўская царква ХVІІІ стагоддзя з вёскі Логнавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці. Царква адносілась да ўніяцкай канфесіі. Царкоўны цвінтар агароджаны парканам, з варотамі і веснічкай пад дахам.

Побач з царквою размяшчаецца помнік драўлянай архітэктуры першай паловы ХХ стагоддзя – школа з вёскі Калодчына Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Далей – гаспадарчая пабудова – грамадскі свіран канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя з вёскі Касарычы Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Па другі бок ад царквы, за жэрдкавай агароджай сяла, пры дарозе, экспануецца яшчэ адзін помнік народнай архітэктуры канца ХІХ стагоддзя – карчма з вёскі Хвоева Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Сёння тут могуць адпачываць і спрабаваць беларускую кухню наведвальнікі музея.

Па абодва бакі вуліцы сяла, за рознага тыпу агароджамі, - адрэстаўраваныя сядзібы з пагонай (лінейнай) забудовай двароў. (Пагоны двор, калі жылыя і гаспадарчыя пабудовы размяшчаюцца ўздоўж зямельнага ўчастку ў адну лінію, а калі ў дзве лініі – двухрадны пагон).

У склад першай сядзібы ўваходзяць помнікі народнай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя: хата з вёскі Ісерна Слуцкага раёна, хлеў з вёскі Солан Старадарожскага раёна, гумно з вёскі Лучнікі Слуцкага раёна. Комплекс сядзібы абнесены жэрдкавай агароджай. Хата з вёскі Ісерна з традыцыйнай трохкамернай планіроўкай: хата-сені-клець, гэта першы помнік, адрэстаўраваны ў музеі ў 1984 годзе.

Інтэр’ер хаты традыцыйны: печ па дыяганалі чырвоны кут з абразамі, уздоўж сцен – шырокія лавы, насціл з дошак “на козлах” – пол – месца для адпачынку. Насупраць вусця печы – бабін кут з паліцай для посуду.

Адразу за хатай размешчаны хлеў з вёскі Солан Старадарожскага раёна.

Пры канцы сядзібы – гумно – пабудова для прасушкі, абмалоту ўраджаю і чысткі зерня. Гэты помнік уяўляе сабой рэканструкцыю гумна, даследаванага ў 20-я гады мінулага стагоддзя ў вёскі Лучнікі Слуцкага раёна падчас экспедыцый этнографаў на чале з Н.І.Лебедзевай.

Яшчэ адзін тып аднараднай (лінейнай) забудовы – сядзіба з вёскі Агароднікі Слуцкага раёна Мінскай вобласці – ілюстрыруе працэс далейшага развіцця лінейнай забудовы. Трохкаметнае жыллё (хата-сені-клець) праз паветку злучаецца з пабудовай варыўні з сенечкамі. У склад сядзібы уваходзіць таксама і хлеў з прыбудаваным каля тарцовай сцяны птушнікам.

Экспазіцыя традыцыйнага інтэр’ера хаты прысвечана тэме прадзіва і ткацтва.

Двор, які ўяўляе сабой прыклад пагоннай (лінейнай) забудовы на канчатковым этапе свайго развіцця, перавезены з вёскі Садавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Ен быў пабудаваны ў 1924 годзе. Шматлікія жылыя і гаспадарчыя пабудовы ў адным аб’ёме выцягнуліся ўздоўж двара на 36 метраў пад адзінай роўнай двухсхільнай страхой. Гэты класічны пагон ураджае сваёй цэльнасцю, адзінствам аб’ёму і планіровачнай супадпарадкаванасцю памяшканняў. Праз сені і сенічкі можна прайсці ў хату, кладоўку, кладовачку і клець. Гаспадарчыя памяшканні – гэта адрына, хлявы для буйнага і дробнага ската, свінарнік і птушнік.

У хаце створана экспазіцыя інтэр’ера на перыяд народнага зімовага свята Каляды.

На другім баку вуліцы сяла – адрэстаўраваная сядзіба пачатку ХХ стагоддзя з вёскі Заброддзе Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці: хата, хлявы, клець і гумно. Гэта – прыклад двухраднага пагона. Другі рад пагоннага двара ўтвараюць клець і маслабойня (будзе рэканструявана).

Планіроўка жылля: хата-сені-варыўня. У інтэр’еры няма традыцыйнага “полу” для сну і лаў уздоўж сцен. У спальнай зоне – драўляныя ложкі. На прыкладзе дадзенага інтэр’ера адлюстраваны перамены ў сялянскім побыце ў 20-30 гады ХХ стагоддзя, а таксама розніца ў аармленні жылля насельніцтва каталіцкага веравызнання ў параўнанні з праваслаўным. Экспазіцыя інтэр’ера хаты прысвечана тэме хрысціянскага свята Вялікдзень.

Невялкі помнік пад дашчатай страхой у канцы сяла, на пэўнай адлегласці ад сядзіб, - гэта кузня з вёскі Клачкова Маладзечненскага раёна Мінскай вобласці. Пабудавана на пачатку ХХ стагоддзя.

А далей, за сялом, бачны крылы ветранога млына, пабудаванага ў 80-я гады ХІХ стагоддзя з вёскі Даматканавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці. Млын казловага тыпу.

Ідучы па дарожцы ад млына ўздоўж пералеску, можна ўбачыць прыдарожную капліцу ў стадыі незавершанай рэстаўрацыі – помнік народнай архітэктуры 1802 года з вёскі Каралеўцы Вілейскага раёна Мінскай вобласці.

 

 


Сістэма Orphus