ЭКСПАЗІЦЫЙНЫ СЕКТАР “ПААЗЕР’Е”

Беларускае Паазер’е ахоплівае Віцебшчыну і часткова паўночныя раёны Мінскай вобласці. У гэтым гісторыка-этнаграфічным рэгіёне вельмі маляўнічы, узгорысты рэльеф. Узгоркі, паросшыя змешаным лесам, чаргуюцца тут з забалочаннымі нізінамі, якія перасякаюць шматлікія рэчышчы. І старажытнымі катлавінамі, што ўтвараюць гірлянды маляўнічых азёр. Гэта абумовіла асаблівасці сельскіх паселішчаў Паазер’я, для якіх характэрна маладворнасць і бессістэмнасць забудовы.

Менавіта  таму экспазіцыйны сектар “Паазер’е” прадстаўлен невялікай вёсачкай і асобна размешчаным хутарам – дзвума  характэрнымі для рэгіёна тыпамі паселішча. У структуру музейнай паазерскай вёскі з бессістэмнай планіроўкай уваходзяць культавыя пабудовы, паазерскія вяночныя двары-комплексы, пабудовы прыгумення, малыя архітэктурныя формы.

На сённяшні дзень на экспазіцыйным сектары адноўлены многія помнікі. Сярод іх ветраны млын з в.Янушоўка Мядзельскага р-на Мінскай вобласці – помнік народнай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Гэта  незвычайны млын: асаблівасць помніка ў тым, што канструкцыя яго прыстасавана дя самастойнага паварота па накірунку ветра. Гэты тып называецца млын-пальтрак, рэдка распаўсюджаны ў Беларусі. Асаблівую выразнасць  знешняму архітэктурнаму абліччу млына надаюць парныя махі, якія забяспечваюць паварот млына.

Цікавы гаспадарчыя пабудовы – пуня з в.Ваўкаўшчына Міёрскага р-на Віцебскай воюласці і гумно з в.Кемянцы Браслаўскага р-на Віцебскай вобласці – помнікі пачатку ХХ стагоддзя.

У памяшканні пуні арганізавана выстаўка “Транспартныя сродкі”.

Гумно з в.Кемянцы служыла для прасушкі ўраджаю ў снапах, абмалоту і захавання саломы. Паазерскія гумны адносяцца да тыпу гумнаў з вогневай сушкай. Унутры гумна будавалася невялікая зрубная пабудова з печкай-каменкай і жэрдкавым насцілам. Гэта так званая асець, у якой  на жэрдкавым насціле сушылі снапы  гарачым паветрам.

З пабудоў прыгумення цікава адрына з в.Левановічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобласці – помнік першай паловы ХХ стагоддзя. Прызначана для прасушкі  і захавання сена, саломы. За адрынай усталявана малая архітэктурная форма – азярод.

Вяночныя двары Паазер’я прадстаўлены на экспазіцыі адрэстаўраванымі комплексамі пачатку ХХ стагоддзя з в.Будзічы Докшыцкага р-на Віцебскай вобласці і з в.Варашылкі Мядзельскага р-на Мінскай вобласці. Усе пабудовы на каменных падмурках, што характэрна для дадзенага рэгіёна.

Вяночны двор з в.Будзічы ўяўляе сабой  традыцыйны прыклад замкнёнай забудовы з выразна вызначанай тэрыторыяй чыстага і гаспадарчага двара.  Чысты двор фарміруюць пабудовы жылога звяна (хата-хата-сені-істопка) і размешчаныя насупраць гаспадарчыя: клець, паветка, яшчэ адна клець, вароты і пабудова для  наёмнага рабочага. З боку вуліцы і прыгуменя двор замыкаюць вароты з веснічкай. На чыстым двары – калодзеж-“журавель”. Гаспадарчы двор або “дзяннік” (дзённы адстой жывёл) размешчаны паміж вышэйпералічанымі гаспадарчымі пабудовамі і стайняй, кароўнікам, хлявамі для свіней і авечак. Па тарцах “дзяннік” замыкаецца бярвенчатымі перагародкамі-замётамі.

Цэнтрам комплекса  двара з в.Варашылкі Мядзельскага р-на з’яўляецца адкрыты ўнутраны двор, акружаны па перыметру жылымі і гаспадарчымі пабудовамі. Вулічны фронт складаецца з трох асноўных элементаў: жылога дома з варотамі, клеці і замёта. Жылое звяно: хата-сені-варыўня-камора. Цікава афармленне франтона страхі дома: з дошак у “ёлачку” з накладным салярным знакам.

На стадыі рэстаўрацыі помнік культавага дойлідства Паазер’я – царква і званіца XVII стагоддзя з в.Вялец Глыбоцкага р-на. Помнік належыць да так званых цэркваў “клецкага” тыпу. Зрубны нэф з пяціграннай апсідай і прытворам ствараюць падоўжана-восеваю кампазіцыю аб’ёма храма. Аб’ём завяршаецца высокай двухсхільнай страхой з маленькай глаўкай.

Побач з царквою – дзвухпавярховая зрубная званіца з шатровай страхой.

 


Сістэма Orphus