Масавыя мерапрыемствы і грамадскія акцыі ў дзейнасці Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.
Акрамя мерапрыемстваў, прысвечаных абрадава-каляндарным святам, музей прапаноўвае мерапрыемствы і грамадскія акцыі разнастайнай тэматыкі.
Лірычна-гумарыстычная праграма мерапрыемства “Кахаем па-беларуску” прысвечана Дню закаханых. Цікавае падарожжа ў гісторыю традыцыйнага стаўлення беларусаў да кахання, шлюбу, сям’і завяршаецца музейным абрадам “Злом навалы і напасці, каб панавала ў сям’і шчасце”.
У Міжнародны дзень Музеяў ў беларускі скансэн з’язджаюцца госці, артысты, народныя майстры, каб паслухаць выступленні фальклорных калектываў, пазнаёміцца з экспазіцыяй і выстаўкамі, паўдзельнічаць у майстар-класах, а таксама набыць сувеніры.
“Край беларускі, край самабытны” – гэта мерапрыемства разам з музеем ладзіць Адміністрацыя Маскоўскага раёна г.Мінска, пад час якога артыстамі і ўдзельнікмі з’яўляюцца жыхары Маскоўскага раёна.
Ініцыятыву музея аб правядзенні ў маі месяцы мерапрыемства “Развітанне са школай” падтрымаў Камітэт адукацыі Мінгарвыканкама. Больш за 1500 юнакоў і дзяўчат адзначаюць “Апошні званок” на тэрыторыі музея.
Мерапрыемствы ў рамках праекта “Наш дом – Беларусь” ужо пазнаёмілі наведвальнікаў музея з нацыянальнымі культурамі народаў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі: армян, карэйцаў, украінцаў, літоўцаў, цыган. У ажыццяўленні дадзенага праекту прымаюць удзел Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей і прадстаўнікі нацыянальных культур.
Фолк-фэст “Камяніца” – сумесны праект з ААА “Новы альянс” – у верасні на тэрыторыі музея збіраюцца лепшыя фальклорныя і постфальклорныя гурты з Беларусі і блізкага замежжа.
Праведзеныя на тэрыторыі музея святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню работнікаў культуры, Дню ведаў, Дню настаўніка, Дню пажылых людзей і іншым прафесійным святам, падараць добры настрой і незабыўныя ўраджанні.
