15 cтудзеня 2012 года ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту адбылося яскравае каляднае свята “Шчадрэц”
“Шчадрэц” або “Шчодрая куцця” – даўні народны звычай адзначаць вечар напярэдадні свята свяціцеля Васілія Вялікага (на Стары Новы год).
У розных кутках Беларусі – “Шчадрэц” адзначаўся па-рознаму, меў мясцовы непаўторны каларыт. Калядоўшчыкі хадзілі з “Казою”, якая з’яўлялася сімвалам ураджаю, з “Мядзведзем”, які ўвасабляў сілу і здароўе. На Гомельшчыне “вадзілі Кабылу”, на Міншчыне – “Жорава”, а на Гродзеншчыне – “Бусла”. Галоўным сімвалам свята з’яўлялася калядная зорка.
Адметнасцю святочнага музейнага мерапрыемства ў гэтым годзе стаў паказ “Шчадраца” ў выканні народнага фальклорнага калектыву “Палескія крыніцы” з вёскі Рог Салігорскага раёна Мінскай вобласці (мастацкі кіраўнік Целяк В.Е), які ўнесены ў спіс нематэрыльнай спадчыны Беларусі.
Гасцямі свята былі народны тэатр-студыя гульні “Прымакі” з вёскі Ахонава Дзятлаўскага раёна, Гродненскай вобласці (мастацкі кіраўнік Янушкевіч Т.Г.); дзіцячы ўзорны калектыў народнай песні “Валошкі” Мінскага Палаца культуры і спорта чыгуначнікаў ( мастацкі кіраўнік Васілеўскі І. Г.); фальклорны калектыў “Мілавіца” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Кастрычніцкага раёна г. Мінска (мастацкі кіраўнік Снітко М.В.).
Пад час свята “Шчадрэц” кожны наведвальнік музея (а іх было больш за 600 чалавек) меў магчымасць не толькі паглядзець на выступленне самабытных калектываў, але і паўдзельнічаць у конкурсе на лепшую калядную зорку, пабачыць спектакль лялечнага тэатра Батлейка, зрабіць незабыўныя фотаздымкі з удзельнікамі свята. Пад час свята народныя майстры прапаноўвалі наведвальнікам набыць свае вырабы, а Карчма паспытаць традыцыйныя стравы беларускай кухні.
Фота: Салодкіна Ларыса
УВАГА! Гэтыя и другiя фотаздымкі са свята размешчаны на нашым сайце ў раздзеле “Галерэя”.


