Гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі Падняпроўе займае тэрыторыю басейна Дняпра і яго прытокаў. Акрамя раёнаў Магілёўскай вобласці, у рэгіён уваходзяць Аршанскі і Дубровенскі раёны Віцебскай вобласці і раёны Гомельскай вобласці уздоўж рэк Днепр і Сож. Раўнінны ландшафт абумовіў развіццё паселішчаў з вулічнай забудовай. Са старадаўніх часоў падняпроўцы займаліся будаўніцтвам, земляробствам, жывёлагадоўляй, ткацтвам, ганчарствам, пчалаводствам. У рэгіёне гістарычна сфарміраваліся цэнтры шэрагу традыцыйных рамёстваў і промыслаў: ткацтва і разьба па дрэве на Веткаўшчыне, ганчарства на Мсціслаўшчыне.
Экспазіцыйны сектар “Падняпроўе” размешчаецца на адносна роўным плато тэрыторыі музея, што адпаведае ландшафту гэтага рэгіёна. У будучым можна будзе прайсці па вуліцы музейнай вёскі з двухбаковай забудовай, якую ўтвараюць замкнутыя (вяночныя) двары. Вуліца завяршаецца сілуэтам Прэабражэнскай царквы, помнікам 1707 года.
Экспазіцыя толькі распачата: адрэстаўраваны вяночны двар з вёскі Волева Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці канца ХІХ стагоддзя, вяночны двор з вёскі Бракава Слабада Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. У стадыі рэстаўрацыі – Прэабражэнская царква з вёскі Барань Аршанскага раёна Віцебскай вобласці і ветравы шатровы млын пачатку ХХ стагоддзя з вёскі Зелянец Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці.
Вяночныя двары Падняпроўя – цікавыя помнікі народнай архітэктуры, у якіх жылыя і гаспадарчыя пабудовы размяшчаюцца вакол прасторы адкрытага ўнутранага двара. Характэрная асаблівасць – дамініраванне жылога дома.
Вяночны двор з вёскі Волева – гэта хата з сенцамі, кароўнік, хлеў для дробнай жывёлы і паветка. Усе пабудовы размешчаны вакол адкрытага двара, абмежаванага з боку вуліцы бярвенчатай агароджай (парканам) з варотамі і веснічкай.
Інтэр`ер – традыцыйны. Акрамя прадметаў побыту тут прадстаўлена фондавая калекцыя дубровенскай керамікі.
У вяночным двары з вёскі Бракава Слабада жылое звяно (сені-хата-хата) размешчана ўздоўж вуліцы. З вуліцы праз сенцы існуе праход як у хату, так і ва ўнутраны двор.
Акрамя гэтага, праз варота ёсць праезд з вуліцы на двор. Гаспадарчыя пабудовы размяшчаюцца па перыметру двара пад агульнай двухсхільнай страхой: паветка, лазня, стайня, кароўнік, хлеў, сянніца (пуня, адрына), зноў паветка і клець.
Інтэр’ер хаты традыцыйны, прыкладна з лістапада і да сакавіка дапаўняўся прыладамі працы, неабходнымі для прадзення. Таму ў экспазіцыі пярэдняй хаты прадстаўлены ткацкі станок, калаўрот, матавіла, верацёны. У памяшканні задняй хаты можна пазнаёміцца з чавускім народным строем.
Каля ўваходу ў вёску плануецца аднавіць групу склепаў. Зараз тут адрэстаўраваны склеп з вёскі Бракава Слабада Чавускага раёна Магілёўскай вобласці – невялікая зрубная пабудова пад нізкай чаротавай страхой.
