Выстава “Забродскія снасці”
Год стварэння: 2010 г.
Месца правядзення: сектар Цэнтральная Беларусь, сядзіба з в.Заброддзе.
Аўтар выставы: Ісакаў А.Г.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту прадстаўляе выставу “Забродскія снасці”, прысвечаную рыбалоўству на Беларусі. Выстава размешчана ў сядзібе, перавезенай з вёскі Заброддзе, і размешчанай на тэрыторыі музея ў маляўнічым месцы на мяжы з поймай ракі Пціч.
На выставе наведвальнік можа пазнаёміцца з традыцыйнымі спосабамі лову, характэрнымі для рэгіёна Цэнтральная Беларусь. Сярод экспанатаў – унікальныя лодкі даўблёнкі і інструменты, з дапамогай якіх іх выраблялі, разнастайныя віды снасцей: ударныя, самалоўныя, рухомыя.
Выстава “Забродскія снасці” распавядае аб тым занятку беларусаў, які іграў важную ролю ў сістэме харчавання, быў асвечаны народнымі павер’ямі, звычаямі, паданнямі, апеты ў песнях і спрадвеку быў неад’емнай часткай паўсядзённага народнага побыту.
