Вам надакучыла зіма? Хочацца цяпла і сонца? Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае вас прыняць удзел у свяце “Гуканне вясны”!
Менавіта вясною ўсё жывое адчувае ўздым жыццёвых сіл, расце, квітнее, імкнецца да новага і лепшага. Дык як жа ж падштурхнуць вясну-красну, каб хутчэй прыходзіла, прыносіла дабрабыт і парадак? Гукаць, зваць, клікаць! І чым вышэй забрацца, чым далей разнясецца песня-заклічка, тым лепей. Таму і збіраліся звычайна на высокіх адкрытых месцах: пагорках, беразе ракі ці возера, на ўскрайку лесу ці проста на дахах хат і лазняў, ды складалі вогнішча, каб сагрэць зямельку, каб зазваць сонейка. А яшчэ спальвалі ў ачышчальным агні старызну і непатрэбшчыну, каб пазбавіцца ад ўсякага ліхога і марнага. Сам жа веснавы карагод валодаў магічнай сілай, бо кола – старажытны сімвал абароны, захаванасці. Наспяваўшыся-нагукаўшыся, моладзь ішла на арэлі гушкацца, ды чым вышэй, тым лепей! Гэта ж не проста забава – вышэйшы лён уродзіцца, ды ўраджай багачейшы будзе.
На свята Саракі, на якое ў некаторых раёнах Беларусі таксама гукалі вясну, быў звычай пячы з цеста сорак “жаваранкаў”. Аднаго кідалі ў печ, каб пачаставаць-задобрыць жыццядайны агонь, а астатніх раздавалі дзеткам. Малыя бегалі па вёсцы, высока трымаючы птушачак у руцэ або нанізвалі іх на пруток, залазілі на страху і спявалі веснавыя песні. Сімвал птушкі – адзін з неад’емных элементаў вяснянак: птушка ў старадаўніх славян была вястункай усяго добрага, вястункай самой вясны. Звычай падкідаць птушак, імітаваць іх рух павінен быў паскорыць прылёт “сарака выраяў”, а значыць, і прыход цёплай пары.
Вечарам дзяўчаты раскладвалі вогнішча, спявалі ля яго гукальныя вяснянкі і вадзілі карагоды, а таксама, як на Купалле, скакалі праз агонь. Гэтае вогнішча сімвалізавала канец зімы і ачышчэнне зямлі. Тут жа пад дрэўцам, на праталіне, сядалі кругам і елі сыр, масла, кашу і абавязкова вараныя яйкі.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае ўсіх 21 сакавіка 2010 года з 13.00 да 15.30 гадзін на свята“Гуканне вясны”.
На свяце можна будзе разам з фальклорным гуртом “ Guda” павадзіць веснавыя карагоды вакол вогнішча, пачуць унікальныя старадаўнія спевы, выкананыя ў аўтэнтычнай манеры, разам з супрацоўнікамі музея вырабіць птушак з розных матэрыялаў, пакатацца на конях, набыць сувеніры ад Саюза народных майстроў Беларусі, падсілкавацца ў “Беларускай карчме”, размешчанай у сапраўдным помніку народнай архітэктуры пачатку XX стагоддзя.
Свята пачнецца а 13-ай гадзіне і завершыцца а 15.30
