Прэс-рэліз свята “Масленіца”

27 лютага i 6 сакавіка 2011 года

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае дзяцей і дарослых на музейныя мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню на Беларусі старажытнага свята Масленіца.


27 лютага 2011 года - “Сустрэча Масленіцы” і

6 сакавіка 2011 года – “Провады Масленіцы”.

Святочныя мерапрыемствы у гэтыя дні пачнуцца а 12 гадзіне і працягнуцца да 15.30.

У гэтыя дні вы даведаецеся што значыць “Масленіца” і чаму ў старажытнасці яна святкавалася 3 тыдні, з якіх свят і прысвятак складалася, якія стравы падаваліся на стол і каму аказвалі асаблівую пашану.

Масленічныя абрады і дзеянні здаўна былі накіраваны не толькі на забеспячэнне аховы сям'і і грамады, але і садзейнічалі набліжэнню вясны. Правесці матухну Зіму дапамогуць спевы і карагоды ў выкананні лепшых фальклорных гуртоў : “Грамніцы”- лаурэата Міжнародных конкурсаў і фестываляў,”Шчодрыца”, “Беларуская песня”, “Джамбібум”.

Асаблівасцю свята “Сустрэча Масленіцы” стане паказ рэканструкцыі элементаў масленічнага абрада Любанскага раёна Мінскай вобласці і сумесны выраб пудзіла, якае традыцыйна спальвалася ў апошні дзень – Даравальную нядзелю.

“Провады Масленіцы” уразяць асаблівай весялосцю і гуллівасцю, характэрнымі для Праводнай нядзелі. Менавіта ў гэты дзень будзе спалена не толькі вырабленае 27 лютага пудзіла, але і велізарная вогненая скульптура Марэны, якую вось ужо трэці год запар вырабляюць у музеі з гэтай нагоды. Калі ж вы хочаце пазбавіцца ад старых праблем і турбот, нясіце старызну, якую спаліце на гэтым вогнішчы.

Кожны наведвальнік атрымае смачны пачастунак – традыцыйны масленічны блін-сімвал веснавога сонейка.

Штогод на і на Масленіцу ладзіцца Конкурс на лепшую масленічную ляльку, зробленую загадзя. Матэрыял і памеры лялек залежаць толькі ад фантазіі творцаў! Конкурс будзе праходзіць 27 лютага і 6 сакавіка. Пераможцаў чакаюць прызы!

Спяшайцеся далучыцца да кірмашовых забаў: глядзіце прадстаўленне народнага лялечнага тэатра Батлейка, гуляйце ў народныя гульні, танцуйце беларускія танцы, гушкайцеся на арэлях, частуйцеся ў карчме рознымі прысмакамі, набывайце лепшыя ў нашых краях сувеніры ад народных майстроў!

Зацікавіліся? Тады чакаем Вас на нашых святах 27 лютага 2011года -“Сустрэча Масленіцы”

6 сакавіка 2011 года – “Провады Масленіцы”.

Кошт квіткоў для ўсіх катэгорый наведвальнікаў – 12 000 руб., дзеці дашкольнага ўзросту – бясплатна. 

Экспазіцыя музея працуе з 10.00 да 16.00. Каса працуе з 10.00 да 15.30.

Шаноўныя наведвальнікі! Калі ласка, паклапаціцеся аб абутку і вопратцы згодна пагодных умоў.

Святы "Сустрэча Масленіцы" і "Провады Масленіцы" адбудуцца пры любым надвор’і!

 
Сістэма Orphus