Вам надакучыла зіма? Вам сумна і хочацца новых уражанняў? Вы любіце актыўны адпачынак? Тады 28 лютага запрашаем у Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту на гумарыстычную праграму “Кахаем па-беларуску”, прысвечаную народным традыцыям, звязанымі з каханнем, шлюбам, сям’ёй. Праграма пачнецца ў 12.30 гадзін.
У праграме вас чакаюць інсцыніраванае падарожжа па музейных сядзібах, сустрэчы з персанажамі: Любмел і Гожня, Параскева-Пятніца і Зялярка, Дамавуха і Жыжаль. Разам з імі вы даведаецеся аб сакрэтах старадаўняга вясельнага абрада беларускай вёскі. Паўдзельнічаеце ў вясёлай гульнёвай праграме і конкурсе на званне самай спрытнай пары. Калі ў вас ёсць патаемныя любоўныя праблемы - іх дапаможа вырашыць музейная Зялярка . Пакаштаваць (па жаданню і за дадатковую плату) традыцыйныя напоі і стравы можна будзе ў “Беларускай карчме”, якая гасцінна расчыніць для вас свае дзверы. А можа вы даўно марылі пракаціцца на санях? Тады вас чакае конь і яго гаспадар-вазніца. Прыхапіце з сабой санкі і вы зможаце пакоўзацца на заснежаных горках. Вы ўсё ж такі змерзлі? Тады хутчэй на Вербную гару! Там вас чакае вогнішча, гарачая гарбата з “купальскіх зёлак” і музейны абрад “Злом навалы і напасці, каб панавала ў сям’і шчасце”. Супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту з нецярплівасцю чакаюць вас на свяце “Кахаем па-беларуску” 28 лютага 2010 года. Праграма пачнецца ў 12.30 гадзін і завершыцца а 15.00 гадзіне. Гуляйце, весяліціся, адпачывайце ў сваё задавальненне! Да сустрэчы на свяце!
Праграма свята і кошт