14 жніўня а 13-й гадзіне ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту адбудзецца свята з народнага земляробчага календару беларусаў “Дажынкі”. Гэта свята звязана з уборкай ураджаю. У яго правядзенні прыме ўдзел народны фальклорны ансамбль “Вяснянка” з Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Наведвальнікі музея ўбачаць унікальныя абрадавыя дзеянні, якія выконваліся пад час “Дажынак”. Удзельнікі ансамбля споўняць для іх традыцыйныя беларускія песні і танцы, якія дайшлі да нас з глыбіні стагоддзяў.
“Дажынкі” на Беларусі праводзяцца здаўна – і гэта не дзіўна. Хлеб у беларусаў спрадвечна азначаў большае, чым проста прадукт харчавання. Да яго ставіліся як да вялікай святыні. Хлеб – Божае благаслаўленне жыцця, долі, паказчык дабрабыту, гаспадарлівасці, заможнасці сям’і. Нездарма і слова “жыта” паходзіць ад слова “жыць”. Асноўныя жніўныя абрады былі звязаны з галоўнымі этапамі жніва: яго пачаткам “зажынкі” і яго заканчэннем “дажынкі”. Не гледзячы на цяжар жніўных работ, “дажынкі” ўсведамляліся як кульмінацыйная падзея працоўнага года селяніна і праходзілі на Беларусі ўрачыста і святочна.
Нельга пералічыць багацце фальклорных здабыткаў, звычаяў і абрадаў, якія суправаджалі гэта свята. Прыязджайце на “дажынкі” ў музей, не пашкадуеце!