+375 172905913 +375 175138610 museum@etna.by
Экспазіцыя працуе
11:00-19:00 (ср-вскр)
Каса працуе
11:00-18:30 (ср-вскр)
Рэстаўрацыйны аддзел
Галоўная Музей Аддзелы Рэстаўрацыйны аддзел
Рэстаўрацыйны аддзел
Загадчык рэстаўрацыйнага аддзела:
Краўцова Марыя Аляксандраўна
Тэлефон: +375 17 5138610, +375 29 6978901

Адным з важных напрамкаў дзейнасці музея з'яўляецца кансервацыя і рэстаўрацыя з мэтай захавання помнікаў матэрыяльнай культуры (музейных калекцый) як сведкаў гісторыі. Выкананнем дадзеных задач займаюцца супрацоўнікі рэстаўрацыйнага аддзела музея, якія даюць другое жыццё рухомым помнікам матэрыяльнай культуры беларусаў XVIII – пач. XX стст. – прадметам керамікі, жывапісу, этнаграфічнага тэкстылю, бондарства, пляцення, промыслаў і рамёстваў, сельскагаспадарчага інвентару, мэблі і інш.

Рэстаўрацыя – паняцце комплекснае. Яна будуецца на стыку гуманітарных, прыродазнаўчых і тэхнічных навук. Рэстаўрацыя – гэта і творчасць. Творчасць, якая заключаецца не ў змаганні з аўтарам (гэта небяспечна і недапушчальна), а ва ўменні асэнсаваць месца помніка ў агульнай культуры, зразумець аўтара, яго задумкі, ва ўменні прааналізаваць гістарычны шлях помніка і выявіць галоўнае, ва ўменні выбраць шляхі і метады захавання ўсёй гістарычнай цэльнасці помніка.

У штаце аддзела працуе 5 чалавек: мастакі-рэстаўратары з вышэйшай і спецыяльнай адукацыяй. Лёс помнікаў шмат у чым залежыць ад рэстаўратараў: ад іх ведаў, вопыту, узроўню падрыхтаванасці і адукацыі, ад разумення задач рэстаўрацыі, акрэсленых прафесійных навыкаў і прыёмаў.

Асноўныя мэты рэстаўратараў аддзела:
• рэстаўрацыя і кансервацыя рухомых помнікаў;
• агляд музейных калекцый у экспазіцыі і ў памяшканнях, прыстасаваных пад фондасховішча, з мэтай іх прафілактыкі і выяўлення прадметаў, якія патрабуюць неадкладнага рэстаўрацыйнага ўмяшання;
• кантроль стану помнікаў, якія прайшлі рэстаўрацыю;
• падрыхтоўка прадметаў да выставак і экспазіцый;
• вядзенне рэстаўрацыйнай дакументацыі.

Пры рэстаўрацыі прымяняюцца вядомыя методыкі, таксама выкарыстоўваюцца матэрыялы навукова-этнаграфічных даследаванняў і методыкі, якія распрацаваны супрацоўнікамі аддзела. Яны апрабаваны ва ўмовах музея-скансэна.

Супрацоўнікамі рэстаўрацыйнага аддзела распрацавана методыка рэстаўрацыі прадметаў музейнай керамікі на аснове бутылметакрылата (БМК-5). Дадзеная тэхналогія добра сябе зарэкамендавала ва ўмовах музея з нестабільнымі ўмовамі экспанавання і захоўвання. Абагульнены вопыт працы прадстаўлены ў выданні “Рэстаўрацыя керамікі з вопыту Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту” (2009 г.). Методыка рэстаўрацыі на аснове бутылметакрылата (БМК-5) была прадстаўлена на I Міжнароднай школе кансерватараў у г. Мінску (праект ЮНЭСКА, 2005 г.).

Музей валодае ўнікальнай калекцыяй помнікаў драўлянага дойлідства (нерухомыя помнікі), датаваныя XVIII – XX стст. – гэта асноўная калекцыя гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якая вызначае профіль і тэматыку музея.

Праца па захаванню помнікаў народнай архітэктуры патрабуе ўвагі спецыялістаў рознага профілю. Гэта велізарная, складаная і шматступенная дзейнасць.

Музей на працягу апошніх 5 гадоў супрацоўнічае з Інстытутам мікрабіялогіі НАН Беларусі і Інстытутам прыродакарыстання НАН Беларусі ў сферы прафілактыкі плесневага паражэння музейных прадметаў.

На сённяшні дзень супрацоўнікі аддзела шукаюць спонсараў для набыцця абсталявання і матэрыялаў, неабходных для працэсу рэстаўрацыі. Дапамога неабходна для захавання помнікаў матэрыяльнай культуры для будучых пакаленняў.