Адным з важных напрамкаў дзейнасці музея з'яўляецца кансервацыя і рэстаўрацыя з мэтай захавання помнікаў матэрыяльнай культуры (музейных калекцый) як сведкаў гісторыі. Выкананнем дадзеных задач займаюцца супрацоўнікі навукова-рэстаўрацыйнага аддзела музея, якія даюць другое жыццё рухомым помнікам матэрыяльнай культуры беларусаў XVIII - пачатку XX стст. - прадметам керамікі (фота 1, 2), жывапісу (фота 3), этнаграфічнага тэкстылю (фота 4, 5), бондарства (фота 6), пляцення, промыслаў і рамёстваў, сельскагаспадарчага інвентару, мэблі і інш.

Рэстаўрацыя - паняцце комплекснае. Яна будуецца на стыку гуманітарных, прыродазнаўчых і тэхнічных навук. Рэстаўрацыя - гэта і творчасць. Творчасць, якая заключаецца не ў змаганні з аўтарам (гэта небяспечна і недапушчальна), але ва ўменні асэнсаваць месца помніка ў агульнай культуры, зразумець аўтара, яго задумкі, ва ўменні прааналізаваць гістарычны шлях помніка і выявіць галоўнае, ва ўменні выбраць шляхі і метады захавання ўсёй яго гістарычнай цэльнасці.

У штаце аддзела працуе 7 чалавек: навуковы супрацоўнік і мастакі-рэстаўратары з вышэйшай і спецыяльнай адукацыяй. Лёс помнікаў шмат у чым залежыць ад рэстаўратараў: ад іх ведаў, вопыту, узроўню падрыхтаванасці і адукацыі, ад разумення задач рэстаўрацыі, акрэсленых прафесійных навыкаў і прыёмаў.

Асноўныя задачы рэстаўратараў музея:

  • рэстаўрацыя і кансервацыя рухомых помнікаў;
  • агляд музейных калекцый на экспазіцыі і ў памяшканнях,прыстасаваных пад фондасховішча, з мэтай іх прафілактыкі і выяўлення прадметаў, якія патрабуюць неадкладнага рэстаўрацыйнага ўмяшання;
  • кантроль стану помнікаў, якія прайшлі рэстаўрацыю;
  • падрыхтоўка прадметаў да выстаў;
  • вядзенне рэстаўрацыйнай дакументацыі і іншае.

Пры рэстаўрацыі прымяняюцца вядомыя методыкі, таксама выкарыстоўваюцца матэрыялы навукова-этнаграфічных даследаванняў і методыкі, распрацаваныя супрацоўнікамі аддзела, якія апрабаваны ва ўмовах музея-скансэна.

Супрацоўнікамі навукова-рэстаўрацыйнага аддзела распрацавана методыка рэстаўрацыі прадметаў музейнай керамікі на аснове бутылметакрылата (БМК-5). Дадзеная тэхналогія добра сябе зарэкамендавала ва ўмовах музея з нестабільнымі ўмовамі экспанавання і захоўвання. Абагульнены вопыт працы прадстаўлены ў выданні “Рэстаўрацыя керамікі з вопыту Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту” (2009 г.). Дадзеная методыка была прадстаўлена на I Міжнароднай школе кансерватараў у г. Мінску (праект ЮНЭСКА, 2005 г.).

Музей валодае унікальнай калекцыяй помнікаў драўлянага дойлідства (нерухомыя помнікі), датаваныя 18 - 20 стагоддзямі - гэта асноўная калекцыя гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якая вызначае профіль і тэматыку музея.

Праца па захаванню помнікаў народнай архітэктуры - гэта велізарная, складаная і шматступенная дзейнасць, якая патрабуе ўвагі спецыялістаў рознага профілю.

У аддзеле працуе навуковы супрацоўнік са спецыялізацыяй біёлаг-міколаг, задачай якога з'яўляецца правядзенне мікалагічнага маніторынгу помнікаў народнай архітэктуры і музейных прадметаў і вызначэнне біяпашкоджанняў для наступнай распрацоўкі праграм па захаванню музейных калекцый.

На сённяшні дзень супрацоўнікі аддзела шукаюць спонсараў для набыцця абсталявання і матэрыялаў, неабходных для працэсу рэстаўрацыі. Дапамога неабходная для захавання помнікаў матэрыяльнай культуры для будучых пакаленняў.

Загадчык навукова-рэстаўрацыйнага аддзела:
Гайдукова Галіна Уладзіміраўна
Тэлефоны:
рабочы (+375 17) 209-41-63
мабільны (+375 29) 151-62-92

 
Сістэма Orphus