На экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту прадстаўлены помнікі народнай архітэктуры і матэрыяльнай традыцыйнай культуры беларусаў. Гэта навукова-інфармацыйны рэсурс музея, асобае адукацыйнае асяроддзе. З мэтай шырэйшага і глыбейшага раскрыцця тэматычнага зместу экспазіцыі перыядычна ствараюцца тэматычныя выстаўкі, якія ўдасканальваюць інфармацыйную прастору музея.
Ажыццяўленне культурна-адукацыйнага працэсу ў музеі – функцыя культурна-адукацыйнага аддзела. У аддзеле працуюць: загадчык аддзела, вядучы, старшы, малодшыя навуковыя супрацоўнікі, метадыст, рэжысёр, культарганізатар, акампаніятары, адміністратар, касіры. Супрацоўнікі маюць гістарычную, філалагічную, тэатральную і музеязнаўчую адукацыю.
Камунікацыйная мадэль, пры якой аўдыторыя музея разглядаецца як раўнапраўны ўдзельнік дыялога, вызначае формы культурна-адукацыйнай дзейнасці.
Супрацоўнікамі аддзела на сёняшні дзень распрацаваны і зацверджаны наступныя віды паслуг у рамках культурна-адукацыйнай дзейнасці:
- аглядавыя і тэматычныя эскурсіі;
- аглядавыя і тэматычныя эскурсіі на англійскай мове;
- экскурсіі з інтэрактыўнымі элементамі4
- абрадавыя мерапрыемствы “Беларускае вяселле” і “Каляды”;
- музейна-педагагічныя заняткі “Прывітанне музей”, “Салдацкі куфэрак”, “Народныя абразы з калекцыі музея” і інш.;
- катанне на гужавым транспарце.
Дадзеныя віды паслуг супрацоўнікі аддзела аказваюць як па асобных заяўках, так і пад час масавых або святочных мерапрыемстваў, каляндарных святаў, арганізаванага карпаратыўнага адпачынку на музеі.
Мэтамі культурна-адукацыйнага аддзелу ў справе адукацыі, выхавання і фарміравання ў наведвальнікаў каштоўных адносін да культурна-гістарычнай спадчыны з’яўляюцца наступныя:
- выхаванне і адукацыя новага пакалення на лепшых традыцыях нацыянальнай культуры;
- павышэнне інтэлектуальнага і культурнага ўзроўню ўсіх катэгорый наведвальнікаў;
- стварэнне новых форм і ўкараненне больш дасканалых метадаў у культурна-адукацыйную дзейнасць;
- садзейнічанне павелічэнню пастаяннага прытоку наведвальнікаў, у тым ліку і замежных;
- знаёмства наведвальнікаў з нацыянальнымі культурамі народаў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь;
- стварэнне станоўчага іміджу музея.
Сваю дзейнасць аддзел ажыццяўляе па наступных накірунках: “Музей і сям’я”, “Музей і ўстановы адукацыі”, “Музей і адпачынак”, “Музей і нацыянальныя культуры”, “Музей і СМІ”, “Музей і інфармацыйныя тэхналогіі”.
Пры распрацоўцы праграм, святаў і мерапрыемстваў, а таксама пры аказанні асобных відаў паслуг, супрацоўнікі аддзела ўлічваюць кантынгент наведвальнікаў, у тым ліку сямейны.
Больш значную ролю музей адводзіць музейна-адукацыйным праграмам. Напрыклад, праграма для школьнікаў 1-2 класаў “Прывітанне, музей” створана на базе некалькіх форм культурна-адукацыйнай дзейнасці (экскурсіі з інтэрактыўнымі элементамі, музейна-педагагічныя заняткі). Наладжаны цесныя сувязі з Камітэтам адукацыі пры Мінгарвыканкаме і Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі. Больш за 1500 юнакоў і дзяўчат святкуюць “Развітанне са школай” штогадова на тэрыторыі музея. Ініцыятыву па яго правядзенню падтрымаў Камітэт адукаціі Мінгарвыканкама. Традыцыйным стала правядзенне мерапрыемства “Дзень ведаў” 1 верасня на тэрыторыі музея.
Прывабнасць беларускага скансэна абумоўліваецца наяўнасцю маляўнічага ландшафта, рэкрэацыйных зон для адпачынку, што павялічвае матывацыю наведвання музея. У апошнія гады тэрыторыя музея запатрабавана для арганізацыі карпаратыўнага адпачынку з культурна-адукацыйнымі праграмамі. Пад час карпаратыўных мерапрыемстваў, а таксама абрадава-каляндарных святаў “Масленіца”, “Гуканне вясны”, “Вербная нядзеля” і іншых, праводзяцца народныя гульні і забавы, выступаюць танцавальныя і фальклорныя гурты, арганізуюцца выстаўкі-продажы сувеніраў і вырабаў народных майстроў. У музеі праходзяць святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню пажылых людзей, Дню работнікаў культуры, Дню настаўніка, Дню медыкаў і іншым прафесійным святам.
Сумесна з Апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей і пры ўдзеле прадстаўнікоў нацыянальных культур у музеі стала традыцыйным штогадовае правядзенне мерапрыемстваў у рамках праекта “Наш дом - Беларусь”. Пад час рэалізацыі дадзенага праекта наведвальнікі музея ўжо пазнаёміліся з нацыянальнымі культурамі народаў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі: армян, карэйцаў, украінцаў, літоўцаў, цыган.
У музеі наладжаны партнёрскія адносіны з каналамі тэлерадыёкампаніі па стварэнню рада сумесных праектаў з адукацыйнымі мэтамі. Праекты ствараюцца на аснове інфармацыі і пры непасрэдным удзеле навуковых супрацоўнікаў музея. Здымкі перадач вядуцца на экспазіцыі музея пры правядзенні таго ці іншага мерапрыемства. Напрыклад, канал БТ паказваў у праграме “Добрай раніцы, Беларусь” у рубрыцы “Далучаемся да беларускіх традыцый” перадачы па тэмах “Масленіца”, “Гуканне вясны”, “Традыцыі святкавання Вялікдня і традыцыйныя гульні” і інш. Канал “Сталічнае тэлебачанне” у праграме “Студыя добрага настрою” у рубрыцы “Куды ідзем” – сюжэты аб традыцыйных транспартных сродках, аб ветраных млынах і працы млынара, аб лекавых зёлках і інш. Дзіцячая праграма “Пазакласны час” тэлеканала “Лад” падрыхтавала сумесна з музеем цыкл перадач аб музеі-скансэне, аб гісторыі развіцця пчалярства на Беларусі (на базе тэматычнай выстаўкі), аб традыцыйным інтэр’еры жылля (хаты).
Супрацоўнікамі адукацыйна-культурнага аддзела распачата праца па стварэнні мабільных інфармацыйных рэсурсаў і іх перакладу на замежныя мовы для індывідуальных аўдыягідаў з мэтай выкарыстання на экспазіцыі.
Заг.культурна-адукацыйнага аддзела Міхайлава Лілія Міхайлаўна
Тэлэфоны: рабочыя +375 (17) 209 41 63
+375 (17) 507 69 37
мабільныя +375 (29) 1 777 264
+375 (29) 568 02 55
