Прэс-рэліз свята “Шчадрэц”

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае на свята “Шчадрэц”, якое адбудзецца 15 студзеня 2012 года з  13.00 да 15.00 гадзін.

“Шчадрэц” або “Шчодрая куцця” – вечар напярэдадні свята Васіля Вялікага  (першага дня Новага года па старому стылю), які адзначалі падчас “Каляд”. Адным з галоўных сімвалаў свята з’яўлялася калядная зорка. “Шчадрэц” – бог балявання і бяседы. У розных кутках Беларусі на “Шчадрэц” калядоўшчыкі хадзілі з “Казою” – сімвалам ураджаю, “Мядзведзем”, які ўвасабляў сілу і здароўе. Мясцовы непаўторны каларыт гэтага свята назіраўся ў тым, што на Гомельшчыне вадзілі “Кабылу”, на Міншчыне – “Жорава”, на Гродзеншчыне – “Бусла”.

Адметнасцю сёлетняга свята ў музеі стане дэманстрацыя абрада “Шчадрэц” з в.Рог Салігорскага раёна Мінскай вобласці, які ўнесены ў спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі, ў выкананні народнага фальклорнага калектыву “Палескія крыніцы”.

У каляднай праграме свята прымуць удзел народны тэатр-студыя гульні “Прымакі” з в.Ахонава Дзятлаўскага раёна Гродненскай вобласці (мастацкі кіраўнік Янушкевіч Таццяна Генадз’еўна),  дзіцячы ўзорны калектыў народнай песні “Валошкі” Мінскага Палаца культуры і спорта чыгуначнікаў (мастацкі кіраўнік Васілеўскі Іосіф Генрыхавіч), даўні сябар музея – фальклорны калектыў “Мілавіца” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Кастрычніцкага раёна г. Мінска (мастацкі кіраўнік Снітко Марыя Васільеўна). Прадстаўленне лялечнага тэатра “Батлейка” дарослым і дзецям падорыць сустрэчу з народным мастацтвам мінулага.

Запрашаем усіх наведвальнікаў прыняць удзел у традыцыйным конкурсе “Калядная зорка”.

Зрабіце загадзя сваю калядную зорку,прынясіце яе на свята і станьце пераможцам!

Пад час свята “Шчадрэц” кожны ўдзельнік зможа пазнаёміцца з экспазіцыяй музея, зрабіць незабыўныя фотаздымкі з удзельнікамі свята, за дадатковую плату набыць сувеніры ад народных майстроў і падсілкавацца ў Карчме. Пачнем Новы год разам!  Да сустрэчы на свяце!

Кошт квіткоў для ўсіх катэгорый наведвальнікаў 15 000 рублеў, дзеці дашкольнага ўзросту – бясплатна.

Экспазіцыя музея працуе з 10.00 да 17.00. Каса працуе  з 10.00 да 16.30.

Шаноўныя наведвальнікі! Калі ласка, паклапаціцеся аб абутку і вопратцы згодна пагодных умоў. Свята “Шчадрэц” адбудзецца пры любым надвор’і !

 

 
Сістэма Orphus