26 чэрвеня 2010 года з 15.00 гадзін Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае на “КУПАЛЬСКІ ВЕЧАР”.
Вам, паважаныя наведвальнікі , у гэты дзень музей прануе цікавую праграму, у якой прымуць удзел знакамітыя творчыя калектывы: народныя вакальныя гурты “Суквецце” и “Весялінка” (г.Вілейка), народны жартоўна-фальклорны гурт “Цешча” (п.Ратамка), народны ансамбль “Асалода” (г. Барысаў). Вы зможаце прыняць удзел у народных гульнях, танцах, карагодах вакол вогнішча. А маладыя людзям прапануюць адшукаюць сваю кветку шчасця.
Купалле – адно з самых старажытных паганскіх святаў беларусаў. У старажытнасці яно святкавалася ў самую кароткую летнюю ноч, мела строгую паслядоўнасць у сваім правядзенні: пачатак свята, купальскае вогнішча, шуканне папараць-кветкі, заканчэнне свята. Свята пачыналася са збірання лекавых раслін і кветак для абрадавых вянкоў, якія лічыліся надзейным магічна-ахоўным сродкам, сімвалізавалі сабой дзявоцкасць, цнатлівасць і выкарыстоўваліся ў купальскую ноч для варажбы. Месцам для купальскага вогнішча выбіралі звычайна ўзвышша за вёскай, у лесе, бераг ракі ці возера, скрыжаванне дарог. Адначасова з успыхваннем купальскага вогнішча ўздымалі на высокім шасце запаленае кола (сімвал сонца). Вакол яго хлопцы і дзяўчаты ўсю ноч вадзілі карагоды, спявалі, танчылі, скакалі праз агонь. Тут жа гатавалі абрадавую вячэру: яечню, верашчаку, кулагу, варэнікі. У народзе захаваліся вераванні, што купальскі агонь валодае надзвычайнай сілай. Існавала паданне, што ў купальскую ноч расцвітае папараць-кветка. Лічылася - хто знойдзе гэтую кветку, будзе багаты і шчаслівы, атрымае дар разумець мову звяроў, птушак, дрэў, раслін.
На досьвітку ўсе ўдзельнікі святкавання ішлі сустракаць узыход сонца, якое, паводле народнага меркавання, на Купалле “грае”, нібы дзеліцца на кругі, якія разыходзяцца, мігцяць і сыходзяцца зноў. А раніцай адбывалася купанне або качанне ў расе.
Але ўзыходзіла сонца і людзі вярталіся да сваіх штодзенных клопатаў, нялёгкай сялянскай працы.

