21 жніўня гэтага года ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту адбудзецца святочная падзея “Спасаўка-ласаўка”. Так ласкава ў народзе называюць Успенскі пост, які пачынаецца з 14 жніўня, доўжыцца 15 дзён і заканчваецца 29 жніўня.
Успенскі пост аб”ядноўвае тры Спасы – “мядовы”, “яблычны”, “арэхавы” – святы, прысвечаныя Спасіцелю нашаму Госпаду Іісусу Хрысту. Адсюль у народзе і ўжываецца назва – “Спас”. У гэты дзень наведвальнікі музея змогуць пазнаёміцца з традыцыйнымі абрадамі, якія былі ўласцівы для гэтых дзён, пачаставацца свежым мёдам, паласавацца прысмакамі беларускай кухні. Будзе працаваць кірмаш, дзе можна набыць вырабы народных майстроў.
14 жніўня ў храмах адбываецца асвяшчэнне вады, мёду і мака. Таму гэты дзень у народзе называюць Спасам «мядовым», «макавым» ці Спасам “на вадзе”. З гэтага свята пачынаюцца провады лета.
19 жніўня святкуюць Прэабражэнне Госпада нашага Іісуса Хрыста. У народзе яго называюць Другім Спасам, ці “яблычным”. У гэты дзень у храмах асвяшчаецца вінаград новага ўраджаю, а там, дзе яго няма – яблыкі.
29 жніўня святкуецца Трэці Спас – “арэхавы” ці “хлебны”, таму што да гэтага дня, па даўняй традыцыі, ім і заканчваецца ўборка хлеба. Гэты дзень успрымаўся сялянамі як дзень падзякі Госпаду за хлеб – найвялікшы дар чалавеку на кожны дзень.

